МЕТЫЛЕ́НАВЫ СІ́НІ, метыленавая сінь, метыленавы блакітны,

вытворнае фенатыязіну, найважнейшы тыязінавы фарбавальнік. Крышт. рэчыва цёмна-зялёнага колеру з бронзавым бляскам. Раствараецца ў вадзе (растворы маюць цёмна-сіні колер), этаноле. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі паперы, вырабу каляровых алоўкаў, паліграф. фарбаў, у мікрабіялогіі (для афарбоўкі прэпаратаў), аналіт. хіміі як акісляльна-аднаўляльны індыкатар (акісленая форма сіняга колеру, адноўленая — бясколерная), у медыцыне як антысептык (напр., пры апёках) і антыдот пры атручэнні цыянідамі, чадным газам, серавадародам.

т. 10, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)